Міністр сельскай гаспадаркі страціў розум
- 19.05.2011, 17:17
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Міхаіл Русы зрабіў гучную заяву аб коштавай сітуацыі ў краіне.
Ён, паводле ягонай заявы, не лічыць кошты ў беларускіх крамах высокімі. «Не лічу нашыя кошты высокімі, - заявіў ён журналістам у Менску 19 мая. - Пакажыце мне краіну вакол Беларусі, дзе вы можаце набыць, напрыклад, мяса ў краме за 12 тысяч? Адпускны кошт нашых памідораў, напрыклад, 8 тысяч рублёў за кілаграм».
Пры гэтым, адказваючы на ўдакладняючае пытанне БелаПАН, міністр прызнаў, што дзяржава закупляе ў насельніцтва сельгаспрадукцыю па значна больш нізкіх коштах, чым потым прадае. Русы не выключыў, што дзяржава будзе паднімаць закупачныя кошты, аднак адмовіўся назваць тэрміны, калі гэта можа адбыцца.
Міністр таксама адзначыў: імпарт асобных харчовых груп скарачаецца ў сувязі з тым, што «па цэлым шэрагу накірункаў мы яго замяшчаем».
На пытанне аб тым, як падзенне рубля паўплывае на работу прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны, Русы адказаў: «Ды не так моцна рубель беларускі і ўпаў».
Варта адзначыць, што, па дадзеных Белстата, з пачатку гэтага году спажывецкія кошты на тавары і паслугі ў Беларусі выраслі на 10,9%. У прыватнасці, кошты на харчовыя тавары выраслі на 12,2%. Па гэтым паказчыку Беларусь апярэдзіла Расею, Украіну і Казахстан.
У красавіку прадукты харчавання ў Беларусі падаражэлі ў параўнанні з сакавіком на 5,5% (ва Украіне - на 1,5%, Казахстане - на 1,1%, Расеі - на 0,3%). Больш за ўсё кошты выраслі на гародніну (на 24,2%) і раслінны алей (на 22,4%). Садавіна ў Беларусі падаражэла на 15,7%, бульба - на 7%, малако - на 2%.