BE RU EN

Жана Літвіна: Незалежная журналістыка сёння ў небяспецы

  • 2.05.2011, 18:18

Незалежная журналістыка Беларусі сёння «знаходзіцца ў небяспецы, бо з'яўляецца адной з галоўных пагроз рэжыму».

Так ахарактарызавала сітуацыю са свабодай СМІ ў краіне старшыня РГА БАЖ (БАЖ) Жана Літвіна напярэдадні Сусветнага дня свабоды друку, які штогод адзначаецца 3 мая, паведамляе БелаПАН.

«Усе больш складана становіцца кантраляваць грамадскую прытомнасць і падпарадкоўваць настрой людзей, - перакананая лідэрка БАЖ. - Прапагандысцкая машына «прабуксоўвае». Спрацоўвае прынцып - чым больш прапаганды, тым менш веры». Сведчаннем таму, адзначае Літвіна, сталі і валютная паніка, і «цукровая ліхаманка».

«Эканамічная сітуацыя дыктуе паводзіны ўладаў. Ім сёння нічога не застаецца, як ісці на абвастрэнне стасункаў з масмедыя і ўзмацняць пераслед, выкарыстоўваючы самыя дзікія абвінавачванні», - лічыць Літвіна.

Аднак, падкрэслівае яна, «шлях татальнага і бескампраміснага падпарадкавання СМІ - бесперспектыўны». «Таму што ў сітуацыі сацыяльнага стрэсу ў грамадстве як ніколі расце давер да незалежных СМІ і патрэба ў інфармацыі без цэнзуры», - упэўненая лідэрка БАЖ.

Незалежнай журналістыцы, на думку Літвіной, варта распарадзіцца гэтым «капіталам даверу», замацаваць сваю пазіцыю ў грамадстве, чаго б гэта ні каштавала.

Жана Літвіна пажадала мужнасці калегам, якія ўжо асуджаныя на пазбаўленьне волі (Аляксандр Атрошчанкаў, Зміцер Бандарэнка), тым, хто яшчэ чакае прысудаў (Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп, Павел Севярынец), а таксама стойкасці - калектывам газет «Наша Нiва» і «Народная воля», якія могуць быць закрытыя па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі.

Апошнія навіны