BE RU EN

Нацбанк дазволіў дэвальваваць рубель да 4930 за даляр

  • 23.05.2011, 19:52

Нацбанк усталяваў новы афіцыйны курс беларускага рубля да кошыка валют.

Праўленнем Нацыянальнага банка прынятае рашэнне ўсталяваць з 24 мая 2011 г. афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да даляра ЗША - 4930 беларускіх рублёў за 1 даляр ЗША, афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да еўра - 6914,82 беларускага рубля за 1 еўра, афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да расейскага рубля - 173,95 беларускага рубля за 1 расейскі рубель, па стаўленні да іншых замежных валют - зыходзячы з крос-курсаў гэтых замежных валют да даляра ЗША (пастанова ад 23.05.2011 № 188).

Такім чынам, за дзень дэвальвацыя склала 56,3%, з пачатку года - 64,3%.

Адначасова ўсталёўваецца цэнтральнае значэнне рублёвага кошту кошыка замежных валют, роўнае 1810 беларускіх рублёў. Межы дапушчальных ваганняў захоўваюцца на ўзроўні ± 12 адсоткаў адносна ўсталяванага цэнтральнага значэння.

Падобна да таго, што кіраўніцтва Нацбанка само не верыць у тое, што ўсталяваны курс стане адзіным і Парадак правядзення таргоў на ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» застаецца без змяненняў, г.зн. прыярытэтнасць задавальнення заявак на набыццё замежнай валюты.

Таксама ўсталёўваюцца межавыя значэнні абменных курсаў, па якіх могуць ажыццяўляцца купля-продаж і канверсія замежнай валюты на пазабіржавым рынку і рынку наяўнай замежнай валюты. З 24 мая 2011 г. яны не могуць адрознівацца больш чым на два адсоткі ў той ці іншы бок ад афіцыйнага курсу беларускага рубля, усталяванага Нацыянальным банкам (пры канверсіі - ад крос-курсу, разлічанага на аснове афіцыйных курсаў беларускага рубля да адпаведных валют).

Нагадаем, на мінулым тыдні курс даляра на пазабіржавым рынку даходзіў да 9000 беларускіх рублёў.

Апошнія навіны