BE RU EN

ЕЗ пашырыў «чорны» спіс беларускіх чыноўнікаў

  • 23.05.2011, 17:36

Праца над «іншымі абмежавальнымі мерамі ўсё яшчэ працягваецца».

Рада міністраў замежных справаў Еўразвяза на паседжанні ў Бруселі 23 мая пашырыла візавыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба Рады ЕЗ, на сённяшнім паседжанні міністры замежных справаў ухвалілі ўзмацненне абмежавальных мер у дачыненні да беларускага рэжыму ў сувязі з прысудамі, вынесенымі кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Андрэю Саннікаву і іншым прадстаўнікам апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

У спіс дададзеныя 13 новых прозвішчаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ і чые актывы ў краінах ЕЗ будуць замарожаныя ў выпадку іх выяўлення.

Як ужо паведамлялася раней, гаворка ідзе галоўным чынам пра суддзяў і пракурораў працэсаў супраць прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі і актывістаў грамадзянскай супольнасці. Гэтая мера прымаецца ў сувязі з бесперапыннымі пераследамі рэжымам Лукашэнкі дзеячоў апазіцыі і ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Імёны асобаў, якія падвергліся абмежавальным мерам ЕЗ, будуць афіцыйна апублікаваны 24 мая.

Раней паведамлялася, што санкцыі ў дачыненні да 158 беларускіх афіцыйных асобаў былі прынятыя 31 студзеня 2011 года. У спісе, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, значацца два ягоныя сыны - Віктар і Зміцер, а таксама міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін, кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў і іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва краіны. Каля 60 чалавек са 158, якія ўвайшлі ў новы спіс, ужо былі ў ранейшых аналагічных спісах, прынятых Радай ЕЗ у 2004 і 2006 гадах.

У 2008 годзе Еўразвяз, не адмяняючы візавай забароны, замарозіў ягонае дзеянне, каб заахвоціць сігналы аб дэмакратызацыі, што падаюцца Менскам. У канцы сакавіка спіс быў удакладнены і пашыраны да 185 чалавек.

Як раней паведаміла БелаПАН Мая Качыянчыч, намесніца прэс-сакратара вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, праца над «іншымі абмежавальнымі мерамі ўсё яшчэ працягваецца».

Апошнія навіны