Беларусы спрабавалі паспець набыць танны бензін (Відэа)
- 24.05.2011, 0:32
Доўгія чэргі выбудаваліся на беларускіх АЗС напярэдадні павышэння коштаў на аўтамабільнае паліва.
Рознічныя кошты на бензін і дызельнае паліва рэзка павышаюцца ў Беларусі з аўторка. Падвышэнне адбудзецца на 20 - 25%. Бензін «Нармаль-80» будзе каштаваць 3,85 тысячы беларускіх рублёў, Аі-92 - 3,95 тысячы, Аі-95 - 4,35 тысячы, дызпаліва - 3,9 тысячы беларускіх рублёў.
Як перадаюць карэспандэнты РІА Новости, чэргі не месцяцца на тэрыторыі заправак і аўтамабілі занялі першыя шэрагі прылеглых да АЗС дарог. Многія аўтааматары спрабуюць заправіць не толькі поўныя бакі сваіх аўто, але і прывезеныя з сабой каністры.
Такое значнае падвышэнне коштаў на паліва адбываецца ў Беларусі ўпершыню. Раней бензін і дызпаліва даражэлі ад 5 да 10%.
Падчас гутарак у чэргах аўтамабілісты выказваюць незадаволенасць такім рэзкім падаражэннем і вінавацяць у гэтым кіраўніцтва краіны, якое не прыняло меры для пазбягання скокаў коштаў. Валютнае пытанне таксама актыўна абмяркоўваецца ў чэргах.
У панядзелак Нацбанк Беларусі абвясціў аб дэвальвацыі нацыянальнай валюты больш чым на 55%.