Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць БелОМА і Белтэхэкспарта
- 25.05.2011, 2:16
Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць шэрагу замежных кампаніяў, якія супрацоўнічаюць з Іранам і Паўночнай Карэяй.
Намесьнік дзяржсакратара ЗША Джэймс Стэйнбэрг заявіў, што мэта санкцыяў – не дазволіць Ірану разьвіваць сваю ядзерную праграму, якая, як апасаюцца ў Вашынгтоне, накіраваная на выраб ядзернай зброі, паведамляе Радыё Свабода.
Уведзеныя санкцыі супраць 16 асобаў і кампаній з Беларусі, Кітаю, Паўночнай Карэі, Сырыі і Вэнэсуэлы за продаж Ірану, Паўночнай Карэі і Сырыі тэхналёгіяў, зьвязаных з вытворчасьцю ядзернай, хімічнай і біялягічнай зброі і балістычных ракетных сыстэм.
"Гэты сьпіс ўключае ў сябе тры кітайскія кампаніі, дзьве беларускія, пяць іранскіх, адну паўночнакарэйскую, дзьве сірыйскія і адну вэнэсуэльскую кампанію. Яны пакараныя за продаж Паўночнай Карэі, Сырыі, Ірану ці набыцьцё з гэтых краін тавараў, паслуг або тэхналёгій, якія рэгулююцца рознымі рэжымамі экспартнага кантролю ці могуць спрыяць стварэньню зброі масавага зьнішчэньня альбо балістычных ракетных сыстэм", - заявіў Джэймс Стэйнбэрг.
Фірмы і асобы, якія трапілі пад гэтыя санкцыі, будуць пазбаўленыя магчымасьці атрымліваць амэрыканскія ўрадавыя кантракты, дапамогу ад ЗША, яны ня могуць купляць амэрыканскае ўзбраеньне і патэнты на яго на працягу двух гадоў.
У сьпісе – 2 беларускія прадпрыемствы: "Беларускае оптыка-механічнае аб'яднаньне" (БелОМА) і "Белтэхэкспарт". "БелОМА" выпускае высокатэхналягічнае абсталяваньне, якое выкарыстоўваецца, у прыватнасьці, у сыстэмах супрацьракетнай абароны, "Белтэхэкспарт" – камэрцыйная структура, празь якую робіцца значная частка беларускага экспарту зброі.
У сакавіку сёлета ЗША ўжо ўводзілі санкцыі супраць беларускай дзяржаўнай энэргетычнай кампаніі "Беларуснафта” за кантракт беларускага прадпрыемства з іранскай кампаніяй “NaftIran Intertrade”. Адміністрацыя Абамы ўвяла санкцыі супраць "Беларуснафты" за $ 500 млн. інвэстыцый у іранскую фірму, якая абвінавачваецца ва ўдзеле ў ядзернай праграме Ірану.