Павел Усаў: Не варта спадзявацца на новую палітычную адлігу
- 26.05.2011, 9:19
Так палітолаг пракаментаваў гучныя заявы Лукашэнкі ў Казахстане з нагоды адносінаў з ЗША і Еўразвязам.
На думку Паўла Усава, нічога надзвычайнага з Аляксандрам Лукашэнкам не здарылася, гэта звыклая рыторыка, якую ён выкарыстоўваў і раней. Ён ужо неаднаразова казаў, што ўсе праблемы ва ўзаемаадносінах з Захадам ідуць толькі з-за дзейнасці беларускай апазіцыі, перадае «Еўрарадыё».
Тым не менш Захад усё роўна патрабуе дэмакратызацыі Беларусі і вызвалення ўсіх палітвязняў.
Вядома, што 27 мая ў Варшаву прыляціць прэзідэнт Злучаных Штатаў Барак Абама. Ён прыме ўдзел у саміце краін Усходняй і Паўднёвай Еўропы, на якім гаворка пойдзе аб сітуацыі ў Паўночнай Афрыцы і ў Беларусі. Ці не будзе Лукашэнка адчуваць сябе няёмка ад таго, што амерыканскі прэзідэнт будзе гэтак блізка?
«Не думаю, што Лукашэнку нязручна зробіцца ад таго, што Абама будзе ў Варшаве, зусім блізка да Беларусі. Гэты візіт не з'яўляецца для Лукашэнкі сімвалічным, бо Беларусь прыкрытая Расеяй. Таму па сутнасці гэта не зменіць палітыкі Еўразвяза і Злучаных Штатаў. Калі дакладна, то ніякай палітыкі няма, таму што ўсе санкцыі толькі дэкларацыі», - каментуе Павал Усаў
Затое, упэўнены палітолаг, беларускі лідэр неўзабаве пачне гандляваць палітычнымі зняволенымі:
«Гандаль палітвязнямі будзе адбывацца - гэта стоадсоткава. Але пасля таго, як ўсе атрымаюць прысуды. Бо для рэжыму вельмі важна, каб была логіка ў гэтых прысудах. А логіка такая, каб максімальна запалохаць апазіцыянераў і грамадства. Гандаль будзе працягвацца вельмі доўга і ён будзе прадаваць іх па высокіх коштах, асабліва кандыдатаў у прэзідэнты - Саннікава, Статкевіча, Уса. Калі Еўропа дасць крэдыт на развіццё эканомікі, то вызваленне будуць вельмі хуткімі, але гэта не значыць, што палітычная сітуацыя ў Беларусі палепшыцца. Не варта спадзявацца на новую палітычную адлігу».