BE RU EN

Абама: ЗША ўвядуць новыя санкцыі супраць дзяржпрадпрыемстваў Беларусі

  • 27.05.2011, 15:34

Прэзідэнт ЗША Барак Абама асудзіў прысуды кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

«Я рашуча асуджаю судовыя прысуды і пакаранні кандыдатам у прэзідэнты Андрэю Саннікаву, Уладзіміру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Мікалаю Статкевічу і Зміцеру Усу. Злучаныя Штаты лічаць ўсіх актывістаў, якія былі арыштаваныя і абвінавачаныя ў сувязі з разгонам 19 снежня - палітычнымі зняволенымі», - гаворыцца ў заяве Барака Абамы, паведамляе «Радыё Свабода».

Прэзідэнт ЗША назваў судовыя працэсы «палітычна матываванымі, неадпаведнымі самым мінімальным стандартам, якія патрабуюцца ад незалежных судовых інстанцый, што стала вялікім крокам назад для дэмакратыі ў Беларусі».

«У адпаведнасці з нашымі каштоўнасцямі і прынцыпамі, урад ЗША увядзе новыя санкцыі супраць беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, у дадатак да санкцый, візавых абмежаванняў і замарожвання актываў, абвешчаных 31 студзеня», - заявіў прэзідэнт ЗША, падкрэсліўшы, што гэтыя меры будуць «накіраваны супраць адказных за рэпрэсіі, у прыватнасці Аляксандра Лукашэнкі, а не супраць народа Беларусі».

«Мы каардынуем свае дзеянні з урадамі іншых краін, каб праз ўжыванне гнуткіх міжнародных санкцый прывесці да адказнасці беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіўныя дзеянні», - заявіў Абама.

Апошнія навіны