Кудрын: Няма прыватызацыі - няма крэдыту
- 27.05.2011, 16:27
Кіраўнік Міністэрства фінансаў Расеі паўтарыў ўмовы прадастаўлення Беларусі крэдыту.
Прыватызацыя буйных беларускіх актываў з'яўляецца умовай прадастаўлення крэдыту ЕўрАзЭС Менску, заявіў кіраўнік Мінфіна РФ Аляксей Кудрын, перадае «Інтэрфакс».
«Справа ў тым, што прыватызацыя з'яўляецца адной з найважнейшых крыніц атрымання валюты, а валюта як раз патрэбная для падтрымання аплатнага балансу і, адпаведна, рашэння валютных праблем Беларусі», - заявіў Кудрын журналістам.
Ён дадаў: «Не праводзіць прыватызацыю - гэта азначае, не атрымаць гэтую валюту, і тым самым не вырашыць гэтых праблем, беларускіх праблем. Таму, вядома, гэта (прыватызацыя - ІФ) уваходзіць ва ўмовы прадастаўлення крэдыту».
Між тым афіцыйны Менск у апошнія дні падкрэслівае нязгоду з абвешчанай Кудрыным праграмай прыватызацыі беларускіх дзяржактываў, якая, па ягоных словах, у 2011-2013 гадах павінная скласці не менш як $7,5 млрд. Гэтая праграма, як адзначаў расейскі віцэ-прэм'ер, з'яўляецца умовай прадастаўлення Беларусі крэдытных рэсурсаў з АКФ.
Так, Аляксандр Лукашэнка заявіў раней у пятніцу, што кіраўніцтва краіны, нягледзячы на эканамічныя складанасці, не пойдзе на масавую прыватызацыю дзяржмаёмасці.
«Ніякага бандыцкага распродажу краіны не будзе. Ніхто - ні «МАЗ», ні «Белкалій», ні «БелАЗ», ні БМЗ - ніхто нічога не купіць без майго ведама», - адзначыў Лукашэнка на нарадзе аб бягучай сітуацыі на валютным і спажывецкім рынках.
Ён заявіў, што «у ажыятажным катле СМІ некаторыя палітыкі з-за мяжы пачалі выбудоўвацца ў чаргу і крычаць: заўтра Лукашэнка пачынае прадаваць актывы найбольш ліквідных прадпрыемстваў».
«І нават сумы пачалі называць - 7,5 мільярдаў даляраў», - сказаў прэзідэнт. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў: «Я нават адзін актыў за такую суму не прадам». «Пажадана, каб у гэтай чарзе, хто стаіць першы, крыкнуў апошняму: Разыходцеся! Продажу не будзе, тым больш за бесцань, як нехта гэта хоча прыхапіць», - заявіў Лукашэнка.