BE RU EN

Дзярждума перасцерагла Лукашэнку ад закрыцця расейскіх СМІ

  • 27.05.2011, 17:48

Беларусі не варта прадпрымаць неабдуманыя крокі па закрыцці замежных, у тым ліку расейскіх, СМІ.

Пра гэта заявіў у пятніцу першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Леанід Слуцкі, перадае газета «Взгляд».

Па ягоных словах, «цяпер, калі Менск востра мае патрэбу ў міжнароднай дапамозе, вельмі неспрыяльны момант для рэзкіх і антыдэмакратычных крокаў». «Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, якая, па сутнасці, з'яўляецца ізгоем на кантыненце з-за курсу Лукашэнкі», - прызнаў Слуцкі.

Ён лічыць, што цяперашні эканамічны крызіс, журналісцкія нарысы аб якім так не спадабаліся «бацьку», з'яўляецца следствам ягонай жа непрадуманай унутранай і знешняй палітыкі.

Лукашэнка даручыў «зрабіць усё», каб асобныя расейскія СМІ не прысутнічалі на тэрыторыі рэспублікі.

«Больш за ўсё было гістэрыкі ў расейскіх СМІ. Я назіраў і за нашымі, і за замежнымі, якія дзякуючы адміністрацыі прэзідэнта сталі тут пануючымі СМІ, і за замежнымі. На другім месцы нашыя, якія тут выдаюцца, я іх не называю, каб не ствараць рэйтынг. Зрабіце ўсё, каб гэтыя СМІ не прысутнічалі на нашай тэрыторыі», - заявіў ён у пятніцу ў Менску на нарадзе па пытаннях эканомікі, звяртаючыся да кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта.

Апошнія навіны