BE RU EN

Цукар прадаюць па 2 кг і пад наглядам міліцыі

  • 27.05.2011, 18:22

У гомельскіх крамах павышаны попыт на цукар-пясок, які 28 мая падаражэе да 5 тыс. рублёў за кілаграм.

У некаторых крамах цукру ўжо няма, у іншых пакупнікі патрабуюць прадаць ім салодкі прадукт. Да прыкладу, у 16.00 27 мая пакупнікі аднаго з гомельскіх гіпермаркетаў стоўпіліся з вазочкамі ля аддзела, дзе павінен быць цукар, і патрабавалі ў адміністрацыі прадаць ім гэты тавар.

Грамадзяне былі настроены рашуча, пагражалі прадстаўнікам адміністрацыі крамы выклікаць міліцыю. «Мы цяпер АБЭП выклічам на іх, хай толькі не прададуць нам цукар», - абвясціла карэспандэнту БелаПАН адна з пакупніц.

Нарэшце вывезлі воз з цукрам, пафасаваным па 2 кг, воз суправаджаў прадстаўнік адміністрацыі крамы і міліцыянт. Пакупнікі рынуліся хапаць двухкілаграмовыя пакункі, але прадавец выдавала толькі па 2 кг на рукі, тлумачачы, што «больш на касе ўсё роўна не праб'юць». Міліцыянт сачыў за парадкам.

Супрацоўнік адміністрацыі, які не прадставіўся, забараніў здымаць у гандлёвай зале, патлумачыўшы, што фота- і відэаздымка тут забароненыя, бо гіпермаркет - прыватная ўласнасць і належыць расейскай кампаніі. На пытанні карэспандэнта БелаПАН, чаму крама не можа задаволіць попыт пакупнікоў і ці будзе яшчэ цукар сёння ў продажы, ён адказаў, што цукру больш не будзе, «каб людзі не стваралі панікі».

Апошнія навіны