Барак Абама: Трэба аказваць як мага больш моцны ціск на рэжым Лукашэнкі
- 28.05.2011, 16:14
(абноўлена) Прэзідэнт ЗША падчас візіту ў Варшаву неаднаразова падымаў беларускае пытанне.
Погляды прэзідэнтаў Польшчы і ЗША на сітуацыю з грамадзянскімі правамі ў Беларусі цалкам супадаюць. Пра гэта Браніслаў Камароўскі заявіў, выступаючы на сумеснай з Баракам Абамай прэс-канферэнцыі ў Варшаве 28 мая.
«Я рады, што нашыя погляды па пытанні аб цвёрдай пазіцыі ў справе грамадзянскіх правоў у Беларусі поўнасцю супадаюць», - цытуе Камароўскага інтэрнэт-партал Gazeta.pl.
Па словах Камароўскага, ён абмеркаваў з Абамай сітуацыю вакол арыштаў дэмакратычных актывістаў і кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча і Зміцера Уса, а таксама аб абароне Анджэя Пачобута, беларускага карэспандэнта польскага выдання Gazeta Wyborcza, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА Гродна па абвінавачванні ў абразе і паклёпе на прэзідэнта.
У Беларусі адбылося «драматычнае спыненне дэмакратычнага працэсу», заявіў польскі лідэр.
Са свайго боку прэзідэнт ЗША падкрэсліў: «Дзеянні рэжыму, якія мы назіраем у Беларусі, могуць мець уплыў на ўвесь рэгіён, што аслабляе нашую бяспеку».
Абама выказаў захапленне намаганнямі палякаў па прасоўванні дэмакратыі ў Беларусі і Украіне. Ён назваў Польшчу лідэрам у прасоўванні дэмакратыі «не толькі ў рэгіёне, але і ў свеце».
Выступаючы ў ходзе брыфінгу пасля перамоваў, Браніслаў Камароўскі сказаў:
«Я вельмі рады, што мы абмяняліся меркаваннямі па справе ўкладу ў пабудову дэмакратыі вакол Еўропы, напрыклад, у Беларусі, дзе наступіў трагічны крызіс дэмакратычных працэсаў. Дзе арыштоўваюць і судзяць апазіцыйных дзеячоў, канкурэнтаў на выбарах. У гэтыя дні праходзіць таксама акцыя ў абарону журналіста, які працуе для польскіх медыя ў Беларусі. Я рады, што нашыя погляды абсалютна супадаюць, што тычыцца цвёрдага падыходу да праблем грамадзянскіх правоў і правоў чалавека ў Беларусі».
Прэзідэнт ЗША Барак Абама таксама заявіў:
«Як казаў прэзідэнт Камароўскі, у Беларусі мае месца рэгрэс, таму важна, каб мы разам папулярызавалі грамадзянскую супольнасць, падтрымлівалі рэфарматарскія тэндэнцыі ў Беларусі. Каб рэпрэсіі ў Беларусі не мелі негатыўнага ўплыву на бяспеку ва ўсім рэгіёне».
Прэзідэнт Злучаных Штатаў таксама выказаў падтрымку беларускаму тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы. «Мы ганарымся вашай працай», - сказаў Барак Абама, вітаючы дырэктарку тэлеканала «Белсат» Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.
З кіраўніцай «Белсата» прэзідэнта ЗША пазнаёміў польскі прэзідэнт падчас сустрэчы ў прэзідэнцкім палацы з кіраўнікамі былой антыкамуністычнай апазыцыі і польскімі палітыкамі.
«Я папрасіла прэзідэнта Абаму памятаць, што цяпер у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў рэжыму, - кажа Агнешка Рамашэўская-Гузы. - Спадзяюся, што падтрымка, выказаная Баракам Абамам, з часам стане рэальным супрацоўніцтвам».
Тэма рэпрэсій у Беларусі паднімалася таксама падчас прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы прэзідэнта ЗША з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.
Прэзідэнт ЗША Барак Абама выказаў гатовасць працягваць аказваць ціск на Беларусь, каб прымусіць яе выконваць дэмакратычныя каштоўнасці.
«Лукашэнка ігнаруе дэмакратычныя прынцыпы і законы, звязаныя з правамі чалавека», - адзначыў ён на прэс-канферэнцыі.
«Трэба аказваць як мага больш моцны ціск на Беларусь, каб яна змяніла сваё стаўленне да гэтых тэмах. Важна, што Польшча займае вядучыя пазіцыі па гэтай праблеме», - падкрэсліў прэзідэнт ЗША.
Са свайго боку прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што на перамовах з Абамам падняў як праблему парушэння дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі, так і эканамічныя праблемы, з якім сутыкнулася гэтая краіна.
«Сёння няма будучыні для такіх дыктатараў як Лукашэнка ў Беларусі», - сказаў Туск.