«Вам для палітвязьняў? Бярыце бясплатна!»
- 29.05.2011, 21:42
Нават у часы эканамічнага крызісу беларусы імкнуцца дапамагчы сваякам палітвязняў.
Аб салідарнасці, якая сёння дапамагае сем'ям актывістаў, арыштаваных па справе 19 снежня, распавяла сайту charter97.org жонка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцера Бандарэнкі Вольга.
«Вось, напрыклад, Ала Уладзіміраўна Саннікава папрасіла купіць Андрэю машынку для стрыжкі і галення. Мы прыйшлі на Камароўскі рынак. Сталі выбіраць і папрасілі парады ў прадаўцоў. Я ў такой сітуацыі заўсёды кажу, як ёсць. І тут сказала, што машынка патрэбная для кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Андрэя Саннікава. Ён цяпер у турме, машынка патрэбная якасная, каб не ламалася. Прадпрымальнікі адразу ажывіліся, сказалі, што галасаваў за Саньнікава, што сочаць за ягонац справай і справамі іншых палітвязняў. Доўга выбіралі самую лепшую і зрабілі нам вельмі вялікую зніжку, у паўкошту», - распавяла Вольга Бандарэнка.
Успамінае жонка палітвязня, як нядаўна давялося ехаць на таксі. Па дарозе разгаварылася з кіроўцам. У выніку таксіст адмовіўся браць у яе грошы.
Тое ж самае здараецца з жонкамі іншых палітвязняў. Так, Марына Адамовіч нядаўна купляла для Мікалая Статкевіча ў турму спартыўны касцюм. Пакуль выбірала, ёй патэлефанавалі на мабільны тэлефон. Прадавец, пачуўшы ейную размову пра мужа, зразумеў, пра каго ідзе гаворка і адмовіўся браць грошы. Марына, як чалавек па натуры сціплы, зусім задарма касцюм не ўзяла. У выніку прадавец пагадзіўся ўзяць у жонкі Статкевіча ўсяго 20 даляраў.
«Усюды, дзе я бываю, у крамах, на рынках, я імкнуся распавядаць аб палітычных зняволеных. І ўсе мяне падтрымліваюць, лаюць уладу, перажываюць. Вось такі зрэз грамадскай думкі.
Вялікая колькасць людзей, якія, здавалася, засталіся даўно ў мінулым, зноў з'явіліся ў маім жыцці, калі арыштавалі Зміцера. Мае і ягоныя былыя калегі, сябры дзяцінства, аднакласнікі - усё імкнуцца чымсьці дапамагчы. Вось нядаўна знайшоў мяне праз газету зусім ужо пажылы мужчына. Аказалася, ён ведаў Дзіму яшчэ ў 70-я гады. Прынёс грошы для перадачы ў турму... Ведаю, што ва ўсіх сваякоў такое самае адбываецца. Салідарнасць вельмі вялікая», - кажа Вольга Бандарэнка.