BE RU EN

«Белнафтахім» шукае спосабы абысці павышэнне пошлін на бензін

  • 4.05.2011, 12:10

«Белнафтахім» гатовы мінімізаваць страты ад экспарту аўтабензінаў ў сувязі з павышэннем стаўкі экспартнай пошліны на гэты від прадукцыі да 90% ад стаўкі экспартнай пошліны на сырую нафту.

«Беларускія НПЗ сёння выпускаюць вельмі шырокі асартымент нафтапрадуктаў, якія запатрабаваныя за межамі рэспублікі. Гэта не толькі бензіны. Таму будзем думаць, чым замясціць экспарт бензіну, калі ён, у новых умовах працы, перастане быць прыбытковым», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» прадстаўнік канцэрна.

Ён растлумачыў, што ў цяперашні час у «Белнафтахіме» пралічваюць, як найбольш аптымальным чынам скарэктаваць асартымент прадукцыі беларускіх НПЗ. Пры гэтым прадстаўнік ведамства дадаў, што прыярытэтам стануць патрэбнасці ўнутранага рынку.

«Казаць аб тым, што на ўнутраным рынку можа з'явіцца дэфіцыт нафтапрадуктаў, няма падстаў. Заводы будуць выпускаць бензін і дызпаліва ў аб'ёме, дастатковым для задавальнення нашых унутраных запатрабаванняў», - сказаў суразмоўца агенцтва.

Прадстаўнік канцэрна ў той жа час адмовіўся паведаміць, як менавіта адаб'ецца такое павышэнне стаўкі экспартнай пошліны на бензін на фінансавым стане заводаў.

Апошнія навіны