Падпальшчыкаў бабруйскага КДБ працягнуць судзіць 17 мая
- 6.05.2011, 11:32
Суд над журналістам «Бабруйскага кур’ера» Яўгенам Васьковічам, які пачаўся ўчора, быў не доўгім.
У 10.30 пасяджэнне пачалося, а ў 15.30 скончылася. Наступнае пасяджэнне адбудзецца 17 мая, і, магчыма, менавіта ў гэты дзень будзе агалошаны прысуд.
Нагадаем, што Яўгена абвінавачваюць у спробе падпалу будынка мясцовага аддзялення КДБ у ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года. Тады ў будынак былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпелых не было, прыкметнай шкоды - таксама.
Яўген Васьковіч быў затрыманы 17 студзеня ў Магілёве, куды ён прыехаў на сесію ў Магілёўскі дзяржуніверсітэт ім. Аркадзя Куляшова. Разам з ім па справе праходзяць таксама бабруйчане Арцём Пракапенка і Павел Сырамалотаў.
У рэдакцыі «Бабруйскага кур’ера» лічаць, што 19-гадовы журналіст і грамадскі актывіст быў свядома і з пэўнай мэтай, уцягнуты ў гэтую групу «зламыснікаў», якая, відаць, дзейнічала пад тайным кіраўніцтвам адной з беларускіх спецслужбаў, паведамляе «Народная воля».