Мікалаю Статкевічу не далі сустрэцца з бацькам
- 1.06.2011, 14:08
84-гадовы Віктар Статкевіч прыязджаў адмыслова ў Менск у СІЗА КДБ з Баранавічаў, каб пабачыцца з сынам, прысуджаным да 6 гадоў турмы.
Віктару Статкевічу не дазволілі спатканне з сынам, не тлумачачы прычын, хоць стары чалавек у надзеі на гэта спецыяльна прыехаў у Менск, бо, улічваючы яго ўзрост, любое спатканне з сынам можа стаць для яго апошнім, паведамляе «Беларускі партызан».
Больш за тое, жонка Мікалая Статкевіча - Марына Адамовіч не змагла перадаць перадачу: яе проста не ўзялі. Марына Адамовіч мяркуе, што, магчыма, Мікалая Статкевіча перавялі з СІЗА КДБ у іншую ўстанову, не паведаміўшы аб гэтым родным.
Нагадаем, прысуд Мікалаю Статкевічу - адзін з самых жорсткіх: 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года.