Дунья Міятовіч: Адна з самых небяспечных формаў цэнзуры - блакіроўка сайтаў
- 1.06.2011, 18:41
Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятовіч заявіла, што ў ХХI стагоддзі доступ да Інтэрнэту з'яўляецца асновай існавання плюралізму і вольных СМІ.
Дзяржаўнае рэгуляванне, якое перашкаджае доступу да Інтэрнэту, не можа быць нічым апраўдане.
«Інтэрнэт дае беспрэцэдэнтныя магчымасці для пашырэння свабоды выказвання меркаванняў і плюралізму. Ён з'яўляецца адным з найважнейшых элементаў пабудовы і ўмацавання дэмакратыі», - заявіла Міятовіч ў Будапешце пасля падпісання Сумеснай дэкларацыі аб свабодзе выказванняў і доступу да Інтэрнэту.
Міятовіч падкрэсліла, што недэмакратычныя ўрады выкарыстоўваюць крывадушную аргументацыю, каб пазбавіць сваіх грамадзян права на доступ да Інтэрнэту.
«Урады, якія блакуюць вэбсайты, звяртаюцца да адной з самых небяспечных формаў цэнзуры, што проста недапушчальна, - цытуе заяву Радыё «Свабода». - Перакрыццё доступу па меркаваннях нацыянальнай бяспекі або ў мэтах падтрымання грамадскага парадку ніколі не павіннае выкарыстоўвацца ў якасці падставы для абмежавання свабоды выказвання меркаванняў і перашкоды свабоднай плыні інфармацыі».
Разам з Міятовіч Дэкларацыю аб свабодзе выказвання меркаванняў і доступу да Інтэрнэту падпісалі таксама тры спецыяльных дакладчыкі міжнародных арганізацый па пытаннях свабоды слова.
У Сумеснай дэкларацыі упаўнаважаныя ў пытанні свабоды выказванняў, у прыватнасці, заявілі:
• Свабода выказвання меркаванняў распаўсюджваецца на Інтэрнэт гэтак жа, як і на ўсе іншыя сродкі камунікацыі;
• Ніхто з тых, хто дае тэхнічныя паслугі Інтэрнэту, не павінен несці адказнасці за кантэнт, створаны іншымі;
• Сістэмы фільтрацыі кантэнту, да якіх прымушаюць дзяржаўных ці камерцыйных пастаўшчыкоў паслугаў, уяўляюць сабой абмежаванне свабоды выказвання;
• Самарэгуляцыя можа служыць эфектыўным інструментам барацьбы са шкодным кантэнтам і павінная заахвочвацца.