Людзі Кярымава пацвярджаюць набыццё «Беларуськалія»
- 10.06.2011, 11:00
Кіруючы дырэктар кампаніі «Нафта Масква» пацвердзіў гатовасць купіць кантрольны пакет акцый ААТ «Беларуськалій» за $15 млрд.
«Неафіцыйна магу пацвердзіць: гэта так», - прыведзены ў публікацыі «Обозревателя» адказ Антона Аверына на просьбу газеты пацвердзіць дакладнасць звестак аб тым, што сума ўгоды кампаніі «Нафта Масква» па набыцці кантрольнага пакета акцый «Беларуськалія» складае $15 млрд, паведамляе «Інтэрфакс Захад».
Ён таксама ў прынцыпе пацвердзіў зацікаўленасць «Нафта Масква» ў здзяйсненні дадзенага пагаднення з беларускімі ўладамі на агучаных умовах. «Наогул, пакуль мы устрымліваемся ад афіцыйных каментароў. Але, быўшы знаёмым з сітуацыяй, магу сказаць, што так, гэта прыкладна адпавядае рэчаіснасці». «Гэта ў цэлым складанае і шматграннае пытанне. Дакладныя фармулёўкі даюцца на больш позніх стадыях», - дадаў А. Аверын.
«Обозреватель» таксама прыводзіць меркаванне аналітыка «Кампаніі БКС» Уладзіслава Плятнёва, які лічыць прапанаваны кампаніяй Сулеймана Кярымава «Нафта Масква» кошт за кантроль у «Беларуськаліі» справядлівым. «На мой погляд, той кошт, які прапануе «Нафта Масква», з'яўляецца справядлівай адзнакай. Кошт кампаніі ў цэлым - 30 млрд даляраў, кошт кантрольнага пакета - 15 млр», - прыведзеныя ягоныя словы ў артыкуле.
Адзначаючы, што кошт $15 млрд за кантрольны пакет акцый «Беларуськалія» з'яўляецца «больш чым» адэкватным, эксперт сказаў: «Уралкалій» не так даўно набыў «Сільвініт» і цяпер з'яўляецца аб'яднанай кампаніяй. Сёння ягоны аб'ём здабычы - 10,6 млн тон калію. Пасля дадатковай эмісіі 1 млрд акцый капіталізацыя «Уралкалія» складае 27-30 млрд даляраў. У той жа час «Беларуськалій» вырабляе каля 9 млн тон на год, гэта значыць адсоткаў на 10 менш. Атрымліваецца, што «Уралкалій» прапануе палову свайго кошту за кампанію, якая вырабляе менш, чым яна сама».