Правакацыю супраць Дашкевіча зладзілі пазаштатныя супрацоўнікі міліцыі
- 13.06.2011, 14:26
«Збітымі» мінакамі апынуліся пазаштатныя супрацоўнікі Заводзкага РАУС Менска.
Як паведамляе прэс-служба «Маладога Фронту», «пацярпелымі» па справе Зміцера Дашкевіча і Эдуарда Лобава апынуліся пазаштатныя супрацоўнікі міліцыі Канстанцін Савіцкі і Алег Малышаў, пры гэтым Малышаў быў раней судзімы па 328-м артыкуле КК «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка альбо перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў альбо прэкурсораў з мэтай вырабу такiх сродкаў або рэчываў».
На судзе «пацярпелыя» па рашэнні суда сваіх твараў не паказвалі і сцвярджалі, што Дашкевіч і Лобаў напалі на іх і збілі. Загадкавыя «пацярпелыя» заявілі, што нідзе не працуюць і судзімасцяў не маюць.
«Калі б следчыя, пракурорскія органы Беларусі і наш гуманны суд не былі продажнымі і падкантрольнымі, яны б ўсталявалі, што гэты самы Малышаў ўжо закатаў ў зэкаўскі бетон двух чалавек па ч.3 арт. 328 КК (рэалізацыя наркотыкаў). Заўважу яшчэ раз - на судзе Малышаў сцвярджаў, што раней не выступаў сведкам па іншых справах», - піша ў касацыйнай скарзе Зміцер Дашкевіч.
Лідэр «Маладога Фронту» патрабуе ад суддзі вывучыць матэрыялы крымінальнай справы і новую прадстаўленую інфармацыю, і выказвае надзею, што суддзя прыме правільнае і справядлівае рашэнне - хлопцаў адпусціць на волю, а Савіцкага і Малышава прыцягне да крымінальнай адказнасці па арт. 400 за ілжывы данос.
Разгляд касацыйнай скаргі адбудзецца ў 10 раніцы 17 чэрвеня ў Менскім гарадскім судзе.