Андрэй Саннікаў: Не верце хлуслівым абяцанням Лукашэнкі
- 14.06.2011, 8:49
Словы дыктатара пра магчымасць вызвалення палітвязняў - хлусня з мэтай атрымання крэдытаў ад Захаду.
Аб гэтым кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў напісаў у лісце да сваёй жонкі Ірыны Халіп.
Ірыне Халіп ўчора адмовілі ў законным спатканні з мужам. Прычына гэтага, відавочна, крыецца ў тым, што раней палітвязень змог перадаць на волю палітычнае пасланне, у якім заявіў, што працягвае заставацца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, бо Аляксандр Лукашэнка не выйграў прэзідэнцкія выбары і ў краіне павінен быў праведзены другі тур або новыя прэзідэнцкія выбары пад міжнародным дэмакратычным кантролем.
З тых часоў спаткання Андрэю Саннікаву забароненыя, лісты ад яго пачалі прыходзіць значна радзей.
«У апошнім лісце Андрэй напісаў, што заява Лукашэнкі аб магчымым вызваленні палітвязняў, зробленая ў Казахстане - хлусня з мэтай атрымання крэдытаў. Па ягоных словах, Лукашэнка - баязлівец, ён баіцца канкурэнцыі і ні за што яго не вызваліць.
Андрэй таксама піша, што ў зняволенні існуе сур'ёзная небяспека ягонай фізічнай ліквідацыі. Ён не выключае магчымасці расправы над ім у калоніі. Улічваючы, што Андрэя адпраўляюць у Наваполацку калонію, вядомую сваімі жорсткімі парадкамі - такая пагроза сапраўды існуе. Тым больш, што там адбывае пакаранне баец СОБРу Андрэй Васільеў, які падазраецца ў датычнасці да «эскадрону смерці», які забіваў апанентаў Лукашэнкі. У абмен на датэрміновае вызваленне ён ці нехта іншы цалкам можа здзейсніць усё, што заўгодна», - заявіла ў інтэрв'ю сайту charter97.org Ірына Халіп.
Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Напярэдадні вынясення прысуду палітык выступіў у судзе з гучнай заявай. Ён распавёў пра тое, што ў турме КДБ у дачыненні да яго прымяняюцца катаванні, ціск і пагрозы. Над палітвязнямі ў СІЗА КДБ здзекаваліся байцы невядомага спецпадпаддзялення ў масках, узброеныя дубінкамі і электрошокерамі. На працягу ўсяго перыяду допытаў Саннікава змяшчалі ў камеру без месца, дзе ён спаў на падлозе пад нарамі, падвяргалі зневажальным ператрусам, прымушаючы распранацца дагала, ставілі на расцяжку, выкручвалі рукі кайданкамі, білі па нагах дубінкамі. Асабіста старшыня КДБ Вадзім Зайцаў праводзіў з Саннікавым «тлумачальныя размовы» і пагражаў жыццю і здароўю ягоных жонкі і сына.