У Гомелі за шпацыр з жонкай па парку арыштаваны грамадзянін Расеі
- 16.06.2011, 9:02
Сёння яго павінныя судзіць па ілжывым абвінавачванні.
Затрыманыя ў Гомелі на маўклівай акцыі салідарнасці грамадзянін Расеі, жыхар Хабараўскага краю, і гамяльчанін змешчаныя ў ізалятар часовага утрымання да суда, які адбудзецца 16 чэрвеня, паведамляе БелаПАН.
Жонка расейца патлумачыла журналістам, што яна з мужам гуляла ў парку і яны нават не ведалі аб правядзенні якой-небудзь акцыі. Раптам да ейнага мужу падышлі супрацоўнікі спецназа і без тлумачэння прычынаў затрымалі і даставілі ў Цэнтральны РАУС. Разам з ім былі затрыманыя журналісты Павал Міцкевіч і Ларыса Шчыракова, а таксама яшчэ двое жыхароў Гомеля.
Журналістаў пасля правядзення асабістага дагляду адпусцілі, пратрымаўшы ў аддзяленні міліцыі две з паловай гадзіны. Таксама без складання пратаколу адпусцілі яшчэ аднаго жыхара Гомеля. У 22-10 за грамадзянінам Расеі і жыхаром Гомеля прыехаў міліцэйскі аўтамабіль, які даставіў іх у ІЧУ.
Жонцы затрыманага расейца паведамілі, што ейны муж здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне - «лаяўся нецэнзурнымі словамі ў грамадскім месцы». Жонка затрыманага катэгарычна з гэтым не згодная і мае намер звярнуцца па дапамогу ў амбасаду Расеі.
У Гомелі ўвечары 15 чэрвеня каля 180 чалавек прынялі ўдзел у маўклівай акцыі салідарнасці. Праз непрацяглы час яны былі рассеяны спецназам, некалькі чалавек былі затрыманыя.