Мікіту Ліхавіда зноў кінулі ў карцэр
- 16.06.2011, 10:37
21-гадовы палітвязень Мікіта Ліхавід ў чацвёрты раз за 40 дзён змешчаны ў штрафны ізалятар.
На гэты раз адміністрацыя Наваполацкай калоніі абвінаваціла асуджанага за Плошчу ў неданясенні на сваіх сакамернікаў, паведамляе «Радыё Рацыя».
Па словах маці актывіста Алены Ліхавід, такім чынам хлопец у штрафным ізалятары сядзіць ўжо 35 дзён. Учора ў калоніі актывіста наведала адвакатка Дар'я Ліпкіна.
- Ён выразна заняў сваю пазіцыю і адыходзіць ад яе не збіраецца. Была здзейсненая праверка, якая падчас агляду камеры № 1 выявіла забароненыя для выкарыстання прадметы. Дзяжурным па камеры быў прызначаны Ліхавід, які не выканаў абавязку дзяжурнага і не паведаміў аб наяўнасці забароненых прадметаў. Па рашэнні начальніка атрада «Каранцін» Наваполацкай калоніі Аляксандра Панкрата, віна Ліхавіда - у неданясенні аб наяўнасці ў штрафной камеры цыгарэт асуджаных.
Сам актывіст Руху «За свабоду» ад дачы тлумачэнняў і прызнання сябе вінаватым адмаўляецца па той прычыне, што лічыць пераслед удзельнікаў акцыі 19 снежня незаконным.
29 сакавіка бягучага года прысуд Мікіту Ліхавіду - 3,5 гады турмы - вынесла суддзя Партызанскага раёна Мінска Наталля Пыкіна.