Кудрын: Мы можам абмежаваць крэдытную падтрымку Беларусі
- 16.06.2011, 14:16
Кіраўнік Мінфіна Расеі выказаўся з нагоды абмежавання працы раеійскіх СМІ ў Беларусі.
«Урад Расейскай Федэрацыі турбуюць меры адміністрацыі Беларусі па стрымліванні альбо абмежаванні сродкаў масавай інфармацыі з Расеі», - заявіў міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын журналістам у чацвер.
Ён падкрэсліў, што Кабінет міністраў РФ не можа пакінуць без увагі такія выпадкі, калі яны адбываюцца.
«Тады мы бачым памяншэнне галоснасці, непаважлівыя ці несяброўскія крокі ў дачыненні да расейскіх СМІ. На жаль, мы павінныя будзем прымаць гэта да ўвагі пры прадастаўленні чарговых крэдытаў - калі ў бліжэйшыя месяцы паўторацца такога кшталту меры абмежавальнага характару, то мы, вядома, пакідаем за сабой права прыняць меры па абмежаванні крэдытнай падтрымкі Беларусі», - сказаў Кудрын, паведамляе РІА «Новости».
Нагадаем, што раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы закрыць у Беларусі прадстаўніцтва ўсіх расейскіх СМІ з-за асвятлення імі эканамічнага крызісу ў краіне. На працягу ўжо некалькіх гадоў у Беларусі з эфіру расейскіх тэлеканалаў выразаюцца сюжэты з крытыкай беларускіх уладаў. Большасць расейскіх друкаваных выданняў у Беларусі не прадаюцца. У апошні час таксама пачасціліся выпадкі дэпартацыі расейскіх журналістаў з забаронай наведваць Беларусь.