У Еўрапарламенце стартавала акцыя «Словы падтрымкі»
- 2.06.2011, 17:55
30 мая стартавала сумесная акцыя Еўрапейскага Парламента, арганізацыі «Беларускі трыбунал» і ініцыятывы «Мы памятаем».
Кожны дэпутат Еўрапейскага Парламента атрымаў інфармацыйны буклет з дадзенымі аб абвінавачваных і асуджаных па справе 19 снежня разам з канвертам і паштоўкай, намаляванай Валерыяй Красоўскай. Кожны дэпутат адправіць паштоўку са словамі падтрымкі беларускаму палітвязню або ягогай сям'і. Акцыя праходзіць пад патранажам экс-міністра замежных справаў Эстоніі, сябра Камітэта па знешняй палітыцы Еўрапейскага Парламента Крысціны Оюланд.
«Гэтая кампанія, нягледзячы на сімвалічны характар, знак нашай заклапочанасці сітуацыяй у Беларусі, - патлумачыла Оюланд сайту CIWR.ORG. - Паштоўкі беларускім палітычным зняволеным і іхнім сем'ям - сігнал, што мы не забыліся пра іх і мы салідарныя з імі. Гэта таксама знак беларускім уладам, яны павінныя разумець, што мы пільна назіраем за тым, што адбываецца ў краіне».
«Сярод арыштаваных ёсць людзі, з якімі я супрацоўнічала ў розны час, - заявіла Оюланд. - Гэта непрымальна - бачыць людзей з дэмакратычным светапоглядам за кратамі злачыннага рэжыму».