Еўразвяз сёння можа ўзмацніць жорсткасць санкцыяў супраць Беларусі
- 20.06.2011, 7:01
У Люксембургу пройдзе сустрэча міністраў замежных справаў дзяржаваў ЕЗ.
Увесці дадатковыя абмежаванні прапанавала Францыя. І іншыя краіны ЕЗ сёння абмяркуюць гэтую прапанову. Як растлумачыў прэс-сакратар французскага МЗС Бернар Валеро, санкцыі могуць пашырыць да эканамічных установаў. А спіс асобаў, чые рахункі могуць быць замарожаныя ў еўрапейскіх банках, прапануецца дадаць імёнамі новых чыноўнікаў. Валеро адзначыў, што гэта тычыцца Сірыі, дзе сітуацыя выйшла з-пад кантролю. І ўлады абстрэльваюць апазіцыю ўжо ў некалькіх кіламетрах ад мяжы з Турцыяй.
Акрамя таго, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў краін ЕЗ абмяркуюць рашэнне аб дадатковых санкцыях для Беларусі. Еўропа занепакоеная унутранай сітуацыяй у краіне і лёсам апазіцыйных палітыкаў, якіх улады Беларусі адправілі ў турму, сказаў прэс-сакратар кіраўніка французскага МЗС. Ён таксама паскардзіўся на тое, што свабода прэсы ў Беларусі знаходзіцца пад сур'ёзнай пагрозай.
Еўразвяз не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам, роўна як і «нацыянальны сход» Беларусі - дэмакратычна абраным парламентам. З 2011 года ЗША і ЕЗ аднавілі рэжым санкцый у дачыненні да афіцыйнага Менска, а ў сакавіку і ў маі пашырылі іх.