Спіс асоб і кампаній, якія трапілі пад новыя санкцыі ЕЗ
- 21.06.2011, 9:53
Афіцыйны часопіс Еўразвяза апублікаваў спісы беларускіх грамадзянаў і кампаній, у адносінах да якіх уведзеныя санкцыі.
У спісе грамадзянаў: суддзя Людміла Грачова, якая асудзіла кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча, Зміцера Уса і ўдзельнікаў акцыі 19 снежня 2010 года, пракуроры Андрэй Кажэўнікаў і Кірыл Чубкавец, якія таксама ўдзельнічалі ў палітычных працэсах, галоўны эканамічны дарадца Лукашэнкі Уладзімір Пяфціеў.
У спісе кампаній: ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары», ПУП «БТ Тэлекамунікацыі».
Усе тры кампаніі кантралююцца Уладзімірам Пяфтыевым, адзначаецца ў дакуменце.
ЗАТ «Белтэхэкспарт» займаецца гандлем зброяй. ЕЗ увёў эмбарга на куплю зброі ў Беларусі, раней заўважанай у сталых кантактах з тэрарыстычнымі арганізацыямі і краінамі-ізгоямі.
Сузаснавальнікам латарэйнай фірмы «Спорт-пары» з'яўляецца Прэзідэнцкі спартовы клуб, узначалены Дзмітрыем Лукашэнкам, сынам беларускага дыктатара.
Фірма «БТ Тэлекамунікацыі» - генеральны спонсар Прэзідэнцкага спартовага клуба Дзмітрыя Лукашэнкі. На сайце Прэзідэнцкага спартовага клуба пішацца, што «УП «БТ Тэлекамунікацыі» ўдзельнічае ў рэалізацыі шэрагу буйных інвестыцыйных праектаў, у тым ліку звязаных з рэалізацыяй і фарміраваннем высакаякаснай інфраструктуры для правядзення ў 2014 годзе ў Рэспубліцы Беларусь сусветнага першынства па хакеі».
Пяфціева называюць «прыватным банкірам Аляксандра Лукашэнкі». Афіцыйна ён узначальвае беларускую кампанію-экспарцёра ўзбраенняў «Белтэхэкспарт» і беларускую Федэрацыю тэніса. Мяркуецца, што ён таксама трымае частку акцый мабільнага аператара Velcom, Прыорбанка і Знешэканомбанка. Часопіс Forbes ў 2010 годзе назваў Пяфціева другім пасля Аляксандра Лукашэнкі самым багатым чалавекам Беларусі, ацаніўшы ягоную маёмасць на $1 мільярд даляраў.