Выдадзены міжнародны ордэр на арышт Кадафі
- 27.06.2011, 15:14
Перадсудовая палата Міжнароднага крымінальнага суда выдала ордэр на арышт лідэра Лівіі Муамара Кадафі, ягонага сына Сейфа аль-Іслама і кіраўніка выведслужбы Абдулы ас-Сенусі.
Пра гэта паведамляе агенцтва Асашыэйтэд Прэс.
Пракуратура МКС 16 мая запатрабавала выдаць ордэры на арышт Кадафі, Сейфа аль-Іслама і ас-Сенусі, якія падазраюцца ў здзяйсненні серыі злачынстваў, у тым ліку злачынстваў супраць чалавечнасці. Па словах пракурора суда Луіса Марэна-Акампа, офіс галоўнага пракурора МКС сабраў прамыя доказы таго, што Кадафі, ягоны сын і кіраўнік спецслужбы датычныя да набору наймітаў і нападах на ўдзельнікаў антыўрадавых дэманстрацый.
У лютым у Лівіі ўспыхнула паўстанне, якое перарасло ва ўзброенае супрацьстаянне паміж уладамі і праціўнікамі рэжыму Кадафі. СБ ААН прыняў у сакавіку рэзалюцыю, якая дазволіла разгледзець у Міжнародным крымінальным судзе злачынствы супраць цывільнага насельніцтва ў Лівіі, а таксама нанесці ваенныя ўдары па пазіцыях войска для спынення гвалту.