Зварот да рабочых: Ідзіце на плошчу разам з народам!
- 28.06.2011, 14:19
«Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» звярнулася да рабочых.
Працаўнікі заводаў і прадпрыемстваў!
Хопіць задавольвацца абяцаннямі! Вас ізноўку хочуць падмануць!
Па тэлевізары - ілжывая прапаганда, быццам бы рабочым выдаюць кватэры і жыццё ў іх паляпшаецца. Але ж усе кватэры ўжо раздалі «сваім». Дадаткі да вашых заробкаў удвая з’ядуць дэвальвацыя і інфляцыя.
Цяпер улада распачне спробу вас супакоіць. Яны могуць і заробкі павялічыць - каб вы не падключыліся да пратэстаў студэнтаў і моладзі 29 чэрвеня і 3 ліпеня.
А як прыйдзе восень - наступяць цяжкія часы. Заводы ў ходзе прыватызацыі будуць прадаваць. Пачнуцца масавыя звальненні. Будуць перабоі з газам і электрычнасцю. Вас зноў падмануць, але пратэставаць вы не зможаце - усіх вашых саюзнікаў, студэнтаў і інтэлігенцыю разгоняць і перасаджаюць.
Таму мы заклікаем вас не чакаць калі «певень дзяўбне», а выходзіць на плошчу разам з моладдзю ЗАРАЗ! Толькі так, своечасова, вы абароніце свае правы.
Улады на чале з Лукашэнкам цягнуць нас у эканамічную бездань. Патоне сам, але і вас зацягне. 17 гадоў нам кажуць: «пачакайце родненькія, усё вам будзе». Ваша цяжкая праца не заслужыла такога стаўлення.
Дзе вашыя сацыяльныя гарантыі? Вашыя сем'і могуць дазволіць сабе якаснае харчаванне? Добры адпачынак на моры? Дзеці і жонкі чыноўнікаў - могуць!
Што рабіць?
Ісці на плошчу, разам з народам, супраць Лукашэнкі!
Сёння вы падтрымаеце студэнтаў, а ўвосень яны падтрымаюць вас!
Прыходзьце 29 чэрыеня і 3 ліпеня ў 19:00 на галоўную плошчу вашага горада!
Знаходзьцеся на плошчы без лозунгаў, сімволікі, транспарантаў і любых падставаў для затрымання. Мы запаўняем вуліцы - гэтага яны і баяцца, больш за любыя сцягі і транспаранты!
Чуеце, што людзі пляскаюць у далоні - ведайце, што гэта мы! Будзьма у адных шэрагах, а не паасобку.
Нам патрэбны кожны з вас!
Раздрукуй! Прачытай! Перадай іншаму!