Хто даў спецслужбам права на праслухоўванне тэлефонаў?
- 28.06.2011, 15:39
Маладафронтавец Юліян Місюкевіч тры месяцы спрабуе высветліць, хто дазволіў праслухоўваць ягоны тэлефон. Пакуль безвынікова.
21-гадовы студэнт БДУ праходзіў у якасці сведкі па справе аб так званых масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. І падчас чарговага допыту ў сакавіку яму далі праслухаць запісы ягоных тэлефонных размоваў за лістапад-снежань мінулага года. Па словах Місюкевіча, большасць тых гутарак адбылася да падзеяў на Плошчы. І яму незразумела, у межах якой крымінальнай справы органы маглі яго «слухаць», піша «Наша Ніва».
Юліян накіраваў зварот у Генеральную пракуратуру, дзе папрасіў паведаміць, калі і які пракурор даў дазвол на праслухоўванне. З Генпракуратуры зварот накіравалі ў пракуратуру Віцебскай вобласці (дапытваў Місюкевіча следчы з УКДБ па Віцебскай вобласці Бычак, які ў Менску знаходзіўся ў камандзіроўцы). Там адказалі, што Бычак працаваў у складзе аператыўнай групы, якая займалася расследаваннем крымінальнай справы па «масавых беспарадках». І, маўляў, нагляд за законнасцю расследавання павінная праводзіць пракуратура Менска. Сталічная ж пракуратура адправіла зварот... зноў у Генпракуратуру.
А на мінулым тыдні прыйшоў чарговы адказ з Генпракуратуры. З яго вынікае, што зварот маладафронтаўца накіраваны ў КДБ «для разгляду па сутнасці».
Юліян Місюкевіч абураны фактам праслухоўвання. «Раз ужо мае размовы слухаў КДБ, я хачу ведаць, якую небяспеку ўяўляю для краіны. Калі ж гэта былі незаконныя дзеянні, хай пракуратура разбярэцца з гэтым фактам», - кажа ён.