BE RU EN

«Белэнерга»: Абыдземся без Расеі

  • 29.06.2011, 10:55

Беларускія спажыўцы электраэнергіі не пацерпяць з-за адсутнасці паставак электраэнергіі з Расеі, заявілі ў «Белэнэрга».

«Нашыя спажыўцы не засталіся без святла сёння ноччу і раніцай. Мы перакрыем непастаўкі электраэнергіі з Расеі за кошт уласных генеруючых магутнасцяў», - заявіў прадстаўнік аб'яднання «Інтэрфаксу».

Па ягоных словах, у агульным аб'ёме энергаспажывання рэспублікі доля расейскай электраэнергіі, пры яе імпарце ў поўным аб'ёме, складала ўсяго 12-15%. Пры гэтым, чыноўнік тлумачыць, што расейская электраэнергія значна таннейшая.

ААТ «Інтэр РАТ ЕЭС» апоўначы цалкам спыніла пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь, якая так і не ажыццявіла чарговы плацёж у памеры 600 млн рублёў для пагашэння запазычанасці.

Доўг паўстаў з-за таго, што ў Беларусі ўжо некалькі месяцаў немагчыма купіць валюту на біржы. Пры гэтым прадстаўнікі «Белэнерга» заяўлялі, што ў іх дастатковая колькасць беларускіх рублёў для разліку з расейскім пастаўшчыком і праблема толькі ў канвертацыі валюты.

Напярэдадні віцэ-прэм'ер РФ Ігар Сечын заявіў, што гэтыя меры не звязаныя з палітыкай.

«Тут няма ніякай палітычнай падаплёкі, праца вядзецца на карпаратыўным узроўні. Гэта пытанне ўзаемадзеяння дзвюх кампаній», - тлумачыў Сечын.

Палітычнае кіраўніцтва Беларусі і афіцыйныя СМІ пакуль ніяк не пракаментавалі спыненне паставак, адзначае «Газета.Ru».

Апошнія навіны