Кіраўнік Мінэканомікі папрасіў прабачэння, што «не застрэліўся»
- 29.06.2011, 11:22
Мікалай Снапкоў прызнаў, што адчувае асабістую адказнасць за сітуацыю ў эканоміцы Беларусі.
«Я павінен папрасіць прабачэння, што не застрэліўся», - сказаў міністр на прэс-канферэнцыі ў сераду ў Менску.
Адказваючы на пытанне, ці адчувае ён адказнасьць, міністр эканомікі заявіў: «Вядома, адчуваю, калегі. Але я думаю, вы разумееце размеркаванне рэгулятыўных функцый у краіне, у эканамічнай сферы», перадае «Інтэрфакс».
Закранаючы энергетычны канфлікт з Расеяй, Снапкоў заявіў, што рэспубліка пагасіць доўг перад Расеяй за пастаўленую раней электраэнергію.
«Мы заплацім», - сказаў ён.
І дадаў, што Беларусь прыме рашэнне аб далейшым імпарце расейскай электраэнергіі ў залежнасці ад эканамічнай мэтазгоднасці.
Снапкоў таксама заявіў, што лічыць беспадстаўнымі папрокі расейскага боку ў тым, што рашэнні па рэгуляванні валютнага рынку робяцца адмыслова для абмежавання імпарту з Расеі.
«Мы ніякім чынам не парушаем канкурэнтнае поле паміж расейскімі і беларускімі вытворцамі з дапамогай таго, што ў нас адбылася дэвальвацыя. Тым больш, гэта не можа істотным чынам уплываць на эканамічную альбо знешнегандлёвую дзейнасць Расеі, паколькі наш экспарт у іх імпарце складае ўсяго толькі 4,5%», - заявіў кіраўнік Мінэканомікі.
«Гэта не тыя лічбы, якія неабходна абмяркоўваць і якія з'яўляюцца крытычным. А тым больш, якія кажуць пра тое, што мы спецыяльна ажыццявілі дэвальвацыю, каб ажыццявіць агрэсіўную экспансію на расейскі рынак», - сказаў міністр.