«Белэнерга» могуць дапусціць да набыцця валюты на біржы
- 29.06.2011, 12:38
Разлікі за імпарт электраэнергіі могуць быць уключаныя ў пералік прыярытэтных напрамкаў для набыцця валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы.
Аб гэтым паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» крыніца ў органах дзяржкіравання.
«Падрыхтаваны праект рашэння, у якім змяшчаецца такая фармулёўка: «ўключэнне ў прыярытэтныя напрамкі задавальнення заявак на набыццё замежнай валюты для разлікаў за імпартаваную электраэнергію», - паведаміў суразмоўца, па словах якога, дадзенае рашэнне можа быць прынятае да канца дня серады.
Такім чынам, ВА «Белэнерга» атрымае магчымасць набыцця валюты для пагашэння даўгоў за пастаўленую расейскую электраэнергію. «Ёсць пэўная надзея, што ўжо сёння да вечара сітуацыя вырашыцца», - сказаў суразмоўца агенцтва.
У цяперашні час продаж валюты на біржы ажыццяўляецца па наступных прыярытэтах: для аплаты за медыкаменты, за пастаўлены ў рэспубліку прыродны газ, а таксама для пагашэння крэдытаў у замежнай валюце.