Беларусь вырываецца ў сусветныя лідэры па інфляцыі
- 29.06.2011, 13:15
Па гэтым паказчыку краіна ўжо перасягнула леташняга чэмпіёна Венесуэлу.
Беларусь, якая перажывае эканамічны крызіс, выйдзе ў сусветныя лідэры па ўзроўні росту коштаў у першым паўгоддзі 2011 года. Аб гэтым паведамляе Reuters са спасылкай на міністра эканомікі краіны Мікалая Снапкова.
«Рост узроўню коштаў запаволіўся. Індэкс спажывецкіх коштаў у цэлым за паўгоддзе дадасць 33-34 адсоткі. У параўнанні з маем мы назіраем запаволенне прыросту тэмпаў інфляцыі», - адзначыў Снапкоў, выступаючы на брыфінгу 29 чэрвеня.
Як адзначае Reuters, у 2010 годзе самую высокую інфляцыю ў свеце прадэманстравала Венесуэла, дзе кошты за год выраслі амаль на 30 адсоткаў. У 2011 годзе Міжнародны валютны фонд прагназуе інфляцыю ў Венесуэле прыкладна на тым жа ўзроўні. У красавіцкім прагнозе на бягучы год фонд паставіў яе на першае месца па гэтым паказчыку, а другое месца пакінуў Манголіі з ейнымі 20 адсоткамі.
Беларусь, якая перажывае фінансавы крызіс, у маі дэвальвавала свой рубель, паколькі пазбавілася чвэрці рэзерваў і сутыкнулася з дэфіцытам валюты пасля ўсплёску дзяржвыдаткаў перад выбарамі Аляксандра Лукашэнкі. Урад Беларусі спрабуе абмежаваць рост коштаў адміністрацыйнымі мерамі і усё больш моцна раскручвае спіраль інфляцыі.