Афіцыйныя прафсаюзы гатовыя трываць да сярэдзіны жніўня
- 3.06.2011, 13:11
Старшыня Менскага гарадскога аб'яднання прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі лічыць, што давер насельніцтва да ўрада захаваецца максімум да сярэдзіны жніўня.
«Урад ужо прайграў інфармацыйную і эканамічную вайну і выправіць сітуацыю можна толькі рэальнымі дзеяннямі, а не абяцаннямі. Давер насельніцтва ўраду захаваецца да сярэдзіны жніўня, гэта значыць да значнага росту выдаткаў працоўных, звязаных з пачаткам ацяпляльнага сезону і падрыхтоўкай дзяцей да школы», - сказаў Мікалай Беланоўскі ў пятніцу ў Менску на пазачарговым пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, перадае «Інтэрфакс».
Ён заявіў: «Трэба выразна сказаць людзям, што будзе на валютным рынку». «Калі ўрад робіць таямніцу са сваіх мер, нам і наймальнікам будзе складана ісці ў рэчышчы з урадам», - працягнуў М. Беланоўскі.
Прафсаюзны лідэр перакананы, што «рашэнне аб лібералізацыі коштаўтварэння, зацягванне карэкціроўкі абменнага курсу былі памылкай, а можа быць, і дыверсіяй». «Народ пакараны, але пакуль трывае», - сказаў М. Беланоўскі.
На ягоную думку, «у выпадку непрыняцця мер можа ўскладніцца сітуацыя на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі, адбыцца зніжэнне занятасці і рост сацыяльнай напружанасці».
М. Беланоўскі таксама прапанаваў ураду вярнуцца да ідэі павелічэння памеру дапамогі па беспрацоўі і выпрацоўцы больш жорсткіх механізмаў кантролю над коштамі.