У Гомелі рыхтуюць мітынг на тэму збяднення народа
- 3.06.2011, 19:19
Гомельская кааліцыя «Наша альтэрнатыва», кампанія «Гавары праўду!» і Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы Гомеля маюць намер 3 ліпеня правесці ў абласным цэнтры мітынг.
Як паведаміў БелаПАН актывіст «Нашай альтэрнатывы» Андрэй Цянюта, 3 чэрвеня ён падаў заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства ў гарвыканкам.
«Тэмамі мітынгу стануць надзённыя сацыяльныя праблемы: збядненне народа, дэфіцыт прадуктаў, дэвальвацыя, адсутнасць валюты ў абменніках, падзенне заробкаў. Мы маем намер ісці да канца і дамагчыся легальнага правядзення мітынгу. Пойдзем на ўсе ўмовы ўлады, а звычайна гэта заключэнне дамоваў з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі на абслугоўванне масавага мерапрыемства. Будзем распаўсюджваць улёткі і запрашаць людзей на сустрэчу. Магчыма, пададзім ў гарвыканкам яшчэ некалькі заявак на выпадак, калі раптам на плошчы нечакана прарве трубу», - сказаў Цянюта.
За апошнія сем гадоў у Гомелі не праходзіла ні аднаго апазіцыйнага масавага мерапрыемства, усе заяўкі дэмакратычных актывістаў мясцовыя ўлады адхілялі.