Нацбанку прыйдзецца правесці яшчэ адну дэвальвацыю
- 7.06.2011, 11:10
Умовы расейскага стабкрэдыту могуць быць больш разбуральнымі, чым яго адсутнасць.
Дырэктар Інстытута праблем глабалізацыі, доктар эканамічных навук Міхаіл Дзялягін лічыць, што крэдытныя запазычанні ЕўрАзЭС не вырашаць эканамічных праблемаў Беларусі, а пацягнуць новыя памылкі. На думку эканаміста, вялікая верагоднасць таго, што Нацбанку прыйдзецца дэвальваваць рубель яшчэ раз, перадае KM.RU.
«Той мільярд з лішнім, які яны атрымаюць у гэтым годзе, іх праблему, безумоўна, не вырашыць. Ён з'яўляецца падтрымліваючым, які сапраўды дазволіць ім трохі стабілізавацца пасля дэвальвацыі. І, дарэчы, невядома, на якіх ўсё ж умовах яны яго атрымаюць. Яны могуць быць у стылі спадара Кудрына і МВФ - калі ўмовы стабілізацыйнага крэдыту з'яўляюцца больш разбуральнымі, чым яго адсутнасць», - заявіў Міхаіл Дзялягін.
На ягоную думку, атрыманыя ў першы год грошы магчыма дапамогуць вырашыць нейкія праблемы, але далёка не ўсе.
«Але яны вельмі моцна залежныя ад імпарту, таму пазітыўны эфект будзе досыць слаба выяўленым. Нельга выключыць, што Нацбанку прыйдзецца пайсці на яшчэ адну дэвальвацыю беларускага рубля. Наколькі яна будзе моцнай - пакуль рана казаць», - лічыць Дзялягін.
Эксперт мяркуе, што ўлады Беларусі зрабілі жахлівую памылку - дазволілі вольнае абарачэнне даляра на сваёй тэрыторыі. Дазволілі хаджэнне гэтай валюты ў якасці разліковага сродка.
«Ключавое пытанне: калі Лукашэнка раздумаецца і гэтую справу адменіць. Гэта ж проста руйнуе грашовае абарачэнне. Ім цяпер наадварот трэба максімальна скараціць попыт на валюту ўнутры краіны. Каб яна, прыходзячы ў краіну, захрасалі ў міжнародных рэзервах», - кажа эканаміст.
Ён тлумачыць, што калі вырашаюцца разлікі ў замежнай валюце, ствараецца вялікі попыт на валюту. Не толькі з боку да смерці спалоханага насельніцтва, не толькі з боку напалоханых прадпрыемстваў. Ствараецца вялізны попыт на валюту з боку разліковай сферы.
«Гэта вар'яцкая памылка, я наогул не разумею, як можна было ў цвярозым розуме яе здзейсніць. Можа быць, там ужо на ўрадавым узроўні працуюць сілы, якія зацікаўленыя ў арганізацыі спекуляцый?», - пытаецца доктар эканамічных навук.