На Ліпковіча нацкавалі падаткавікоў
- 7.06.2011, 11:21
У знакамітага беларускага блогера Яўгена Ліпковіча і ягонай жонкі падатковая інспекцыя патрабуе дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці за 2010 год.
У панядзелак Ліпковіч атрымаў адпаведны ліст з падатковай.
У інтэрв'ю «Польскаму радыё» блогер кажа, што, вядома, падатковая інспекцыя мае права патрабаваць дэкларацыю ў грамадзян, але раней ні ў яго, ні ў ягонай жонкі ніколі гэтага не патрабавалі. «Наколькі я чытаў у Інтэрнэце, ад палітычных апазіцыйных палітыкаў, практычна ўсіх, стала патрабуюць дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці. У мяне такое падазрэнне, што і мяне запісалі ў апазіцыянеры, якім я ў прынцыпе не з'яўляюся і ніколі не быў», - кажа ён.
Яўген Ліпковіч вядомы перш за ўсё як блогер - у «Жывым журнале» ён піша тэксты, у якіх раскрывае паталагічныя сітуацыі беларускай рэчаіснасці. Ён таксама публічна спаліў кнігу «Тайна овального кабинета» пралукашэнкаўскага пісьменніка Мікалая Чаргінца, палічыўшы яе парнаграфічнай.