BE RU EN

Ідэалагічная апрацоўка набудзе новы размах

  • 9.06.2011, 11:44

Пакуль улады прадпрымаюць беспаспяховыя спробы ўтаймаваць крызіс, адказнасць за ўтаймаванне грамадскага абурэння ускладаецца на ідэолагаў і рэдактараў дзяржСМІ.

За выхаванне народа возьмуцца «з падвоенай энергіяй». Гэта стала вядома па выніках нарады ідэалагічных кадраў Менскай вобласці, якое адбылося на мінулым тыдні ў Салігорску, піша ПЦ «Вясна».

На мерапрыемстве разглядаліся пытанні практычнай работы ў сучасных умовах ідэолагаў выканкамаў і буйных прадпрыемстваў і рэдактараў рэгіянальных СМІ.

Улады павінныя ведаць, чым дыхае кожны грамадзянін, наколькі ён добранадзейны. Таму ідэолагі павінныя будуць ўсталяваць «жывы кантакт» з кожным працаўніком прадпрыемства. «Менавіта ў гэтым выпадку можна паўней даведацца пазіцыю грамадзяніна, ягоныя погляды, запыты і памкненні», - сказаў адзін з выступоўцаў, намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Радзькоў.

Не абыдзецца без ідэалагічнай апрацоўкі сярэдняга класа і інтэрнэт-прастора. Радзькоў заклікаў шукаць для гэтага новыя падыходы.

Другі выступоўца, Мікалай Іванчанка, галоўны інспектар па Менскай вобласці прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваць лепшы замежны досвед выхаваўчай працы. Складаецца нядобрае прадчуванне, што «адказныя за грамадскае меркаванне» асобы стануць выкарыстоўваць замежны досвед, напрыклад, Кубы ці КНДР.

Выступоўцы не скупіліся на прыгожыя словы. Выбары прэзідэнта былі паказаныя як «момант ісціны». Таксама неаднаразова падкрэслівалася, што мы жывем у самастойнай, незалежнай краіне.

Такім чынам, натхнёныя і ўзброеныя «правільнымі» адказамі ідэолагі будуць «часцей сустракацца з народам», каб «развейваць недарэчныя чуткі» і тлумачыць кожнаму беларусу, «што адбываецца ў краіне, чаму кіраўніку дзяржавы даводзіцца рабіць той ці іншы крок».

Апошнія навіны