Запрацаваў аргкамітэт Усебеларускага народнага сходу
- 9.06.2011, 13:58
Пачаў працу аргкамітэт Усебеларускага народнага сходу, які плануецца правесці ў Беларусі 8 кастрычніка.
Аргкамітэт ўзначалілі лідэр «Беларускага Руху» Віктар Івашкевіч і лідэр прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
У аргкамітэт сходу ўвайшлі прадстаўнікі аргкамітэту «Беларускага Руху», АГП, партыі «Справядлівы свет», БСДГ, БСДП (Грамада), прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэта Беларускай партыі працы і грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
«Папярэдне сход плануецца правесці 8 кастрычніка. Але аргкамітэтам зробленая заява, што мы адсочваем сітуацыю. Калі сацыяльнае напружанне будзе рэзка ўзрастаць, і будзе бачна, што трэба рабіць гэтыя сходу раней, то будзем рабіць раней. Нашая мэта - у адзін дзень па ўсёй Беларусі правесці сходы грамадзянаў з максімальнай колькасцю ўдзельнікаў. І прыняць патрабаванні да ўлады і прыняць рашэнне, як дамагацца ад уладаў іх выканання», - сказаў Віктар Івашкевіч.
У цяперашні час вядзецца праца па стварэнні аргкамітэтаў па гарадах Беларусі. Устаноўчы сход такога аргкамітэта ўжо адбыўся ў Бабруйску. У бліжэйшы час яны пройдуць у Лідзе, Слоніме і іншых гарадах. Зараз ствараецца графік і адначасова пачынаецца інфармацыйная кампанія, паведаміў сустаршыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч.