Жук: Адукацыя даражэе ўслед за бензінам і прадуктамі
- 12.07.2011, 15:50
Міністэрства адукацыі Беларусі пацвердзіла, што кошт навучання ў некаторых вну можа павялічыцца на 20%.
- Мы правялі нараду з рэктарамі, у тым ліку і прыватных вну. Гаворка ішла аб тым, каб кошт быў падвышаны ў разумных межах. Да 20% - гэта тая лічба, той мінімум, які дазваляе нармальна функцыянаваць вну, - паведаміў у аўторак на прэс-канферэнцыі ў Менску першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук, перадае «Інтэрфакс».
Па ягоных словах, у сітуацыі, калі растуць кошты на бензін і тавары, павінныя абгрунтавана павялічвацца і кошты на навучанне.
Жук адзначыў, што «ў розных вну кошт будзе адрознівацца».
- Кожная вну павялічвае кошт, зыходзячы са сваіх рэальных выдаткаў, - сказаў ён, звярнуўшы ўвагу, што для падрыхтоўкі спецыялістаў у тэхнічных вышэйшых навучальных установах патрабуецца дарагая база і абсталяванне. У той жа час, як сцвярджае намеснік міністра, «у юрыстаў выдаткі меншыя».
У якасці прыкладу Жук прывёў БДУ, дзе кошт навучання з новага навучальнага года паднімецца прыблізна на 11% на дзённай форме навучання і на 10% - на завочнай форме.
Распавядаючы пра павелічэнне кошту навучання да 20%, прадстаўнік Мінадукацыі адзначыў: «што такое да 20% - вы разумееце. Гэта ад нуля да 20%».