Перамовы па продажы «Белтрансгаза» сарваныя
- 13.07.2011, 16:58
Перамовы па набыцці «Газпрамам» 50% акцый «Белтрансгазу» і па заключэнні новых газавых кантрактаў перанесеныя на восень.
У працяг сустрэчы старшыні ўрада Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна і прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча, якая адбылася ўчора, сёння адбылася тэлефонная размова старшыні праўлення ААТ «Газпрам» Аляксея Мілера і Першага намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сямашкі, паведамляе прэс-служба «Газпрама».
Была дасягнутая дамоўленасць, што перамовы па набыцці «Газпрамам« 50% акцый ААТ «Белтрансгаз» і па заключэнні новых кантрактаў на пастаўку і транзіт газу будуць працягнутыя ў верасні.
«Улічваючы, што перамовы працягнуцца восенню, гэта значыць у перадпачатку ацяпляльнага сезону, нам прыйдзецца ў комплексе абмяркоўваць пытанні атрыманн «Газпрамам» кантролю над «Белтрансгазам»і ўмовы пастаўкі і транзіту расейскага газу, хоць нам гэтага вельмі не хацелася. Але, на жаль, не па нашай віне, перамоўны працэс зацягнуўся. Час, калі можна было спачатку ўрэгуляваць карпаратыўныя пытанні па «Белтрансгазе», а потым, ужо з пазіцыі 100% ўладальніка кампаніі, падпісваць дамовы на пастаўку і транзіт, было выпушчанае. Тым не менш, у нас ёсць усе магчымасці, каб зняць пытанні, што засталіся нявырашанымі, задоўга да заканчэння дзеяння існага кантракта на пастаўку газу ў Беларусь», - сказаў па выніках тэлефоннай размовы Аляксей Мілер.