Амапавец карэспандэнту «КП»: «Закон - гэта ў Амерыцы! Дзяцей маіх ты карміць будзеш?»
- 14.07.2011, 10:30
Міліцыянты, якія выконваюць злачынныя загады, апраўдваюцца «клопатам аб дзецях».
Цяперашняя акцыя маўклівага пратэсту ў Гомелі прайшла сапраўды моўчкі, піша «КП в Беларуси».
- Мы тут таму, што мы супраць забаронаў. Калі мне нешта забараняюць - элементарна прайсці па вуліцы, напрыклад, - я з гэтым не магу згаджацца, - кажа маці дваіх дзяцей, якая прыйшла на акцыю.
Пакуль журналісты размаўлялі з жанчынай, міліцыянты ў чорных майках выхапілі з натоўпу маладога чалавека і пацягнулі ў аўтобус. Хлопец ўпіраўся, крычаў, і як толькі карэспандэнт «КП в Беларуси» Павел Міцкевіч дастаў фотаапарат, каб засняць гэтую карціну, двое спецназаўцаў ўзялі яго пад рукі і таксама зацягнулі ў аўтобус:
- Пойдзем-ка з намі, фотаздымкі твае праверым!
- Што вы робіце, я журналіст, вы парушаеце закон!
- Закон - гэта ў Амерыцы! - адказвае малады міліцыянт. - А для мяне закон - гэта загад начальніка. Мне сказала кіраўніцтва цябе затрымаць, і я гэта зрабіў.
- Але загад твайго начальніка незаконны! У цябе ж у самога галава на плячах ёсць, сумленне табе што гаворыць?!
- Калі я не выканаю загад, дзяцей маіх ты карміць будзеш?!
Тым часам па рацыі паведамілі, каб у адносінах да хлопца, якога толькі што цягнулі ў аўтобус, складалі пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Малады чалавек спрабуе патэлефанаваць, але на яго крычаць:
- Калі не выключыш тэлефон, завязем ў КДБ!
Нікога не адпускаюць і вязуць у райаддзел міліцыі. Карэспандэнту «КП» дазваляюць выйсці з аўтобуса пасля ўмяшання начальніка прэс-службы УУС.