«Камуналка» вырасце восенню
- 14.07.2011, 12:02
Урад Беларусі напярэдадні ацяпляльнага сезону рыхтуе падвышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.
Тарыфы будуць дыферэнцыяваныя для розных сацыяльных груп у залежнасці ад іх ўзроўню прыбыткаў, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» крыніца, знаёмая з падрыхтоўкай адпаведных прапановаў.
«З мэтай мінімізацыі негатыўных сацыяльных наступстваў рыхтуецца дыферэнцыяванае павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для розных слаёў насельніцтва ў залежнасці ад іх ўзроўню прыбыткаў», - сказала крыніца.
Па ейных словах, урад зараз пралічвае розныя варыянты, сутнасць якіх можна звесці да прынцыпу «высокі заробак - высокія тарыфы». Пры гэтым менш за ўсё ад будучага падвышэння кошту паслуг ЖКГ пацерпяць найменш забяспечаныя слаі насельніцтва: пенсіянеры, студэнты, якія пражываюць у інтэрнатах, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем'і.
Такім чынам, існуючую ў Беларусі сістэму бюджэтнага субсідавання кошту жыллёва-камунальных паслугаў для ўсіх слаёў насельніцтва часткова заменіць прынцып адраснай сацыяльнай дапамогі.
Крыніца таксама падкрэсліла актуальнасць павышэння тарыфаў на электра- і цеплаэнергію для беларускай энергасістэмы, якая ва ўмовах абмежавання выдаткаў бюджэту вымушаная павялічваць памеры субсідавання пры продажы энергарэсурсаў насельніцтву на фоне росту коштаў на імпарт расейскага газу і беспрэцэдэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля. У цэлым гэта пагаршае стратнасць сістэмы Мінэнерга, што вядзе да скарачэння яе магчымасцяў па падтрыманні энергасістэмы ў працоўным стане і яе падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона.