Дашкевічу пагражае карцэр і новая крымінальная справа
- 14.07.2011, 13:06
Старшыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч стаў «злосным парушальнікам парадку адбывання пакарання» ў калоніі ў Горках.
Па неафіцыйнай інфармацыі, Дашкевіч атрымаў ужо два спагнанні ад адміністрацыі калоніі: першае - зняволенне ў карцэры, у чым заключаецца другое спагнанне, у бліжэйшы час будзе высвятляць адвакат Дашкевіча.
Па звестках прэс-службы «Маладога фронту», Дашкевічу, як «злоснаму парушальніку», скарацілі штомесячную суму, на якую ён можа атаварыцца ў турэмнай краме, - з 200.000 да 35.000 рублёў. Палітыка таксама могуць чакаць сталыя зняволенні ў карцэры, скарачэнне колькасці спатканняў і нават новая крымінальная справа за парушэнне правілаў унутранага распарадку.
Нагадаем, Зміцер Дашкевіч разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Менску за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года. Іх абвінавацілі ў збіцці двух менчукоў.
Затрыманне маладых палітыкаў прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў. 24 сакавіка суд пакараў Дашкевіча двума гадамі пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Варта адзначыць, што менчукоў, якія былі прызнаныя пацярпелымі, у зале суда ніхто не бачыў - яны знаходзіліся ў суседнім пакоі нібыта з меркаванняў бяспекі.
«Міжнародная амністыя» прызнала Дашкевіча «вязнем сумлення».