BE RU EN

Саннікава не прывезлі на абскарджанне прысуду

  • 15.07.2011, 10:29

У Менскім гарадскім судзе пачаўся разгляд касацыйнай скаргі на прысуд кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву.

Абскарджваюцца таксама прысуды ўдзельнікам мітынгу апазіцыі 19 снежня 2010 года Алегу Гнедчыку, Уладзімір Яроменку, Іллі Васілевічу і Фёдару Мірзаянаву.

Суддзі - Сяргей Хрыпач, Вікторыя Зайцава, Вольга Камароўская. Пракурор - Антон Загароўскі, перадае БелаПАН.

Абвінавачаныя на судзе не прысутнічаюць. Адвакат заявіў хадайніцтва аб выкліку Саннікава на разгляд скаргі. Абарона таксама папрасіла далучыць да справы справаздачу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ аб ходзе выбараў прэзідэнта, бо там утрымліваецца адзнака выбараў, якая супярэчыць заключэнню суду.

14 мая суд Партызанскага раёна Менска пад старшынствам суддзі Наталлі Чатвяртаковай прызнаў Саннікава вінаватым па артыкуле 293 частка 1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў) і прысудзіў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Алег Гнедчык прысуджаны да чатырох гадоў узмоцненага рэжыму, Уладзімір Яроменак, Ілля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў - да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны