Прысуд Зміцеру Бандарэнку пакінулі без зменаў
- 15.07.2011, 11:43
Суд адмовіўся ўлічыць цяжкі стан здароўя палітвязня.
Менскі гарадскі суд адхіліў касацыйную скаргу на прысуд каардынатару грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцеру Бандарэнку. За ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў палітык прысуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Адвакаты падавалі два хадайніцтвы — аб тым, каб далучыць да справы характарыстыку ад Беларускай асацыяцыі журналістаў і даведку з турэмнай лякарні. Дакументы да справы далучылі, аднак прысуд пакінулі без зменаў.
З-за сур'ёзных праблем з хрыбетнікам (грыжы міжхрыбетнікавага дыска, зашчымленне спінных нерваў, парэзу нагі) каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» быў пераведзены з СІЗА МУС у Рэспубліканскую турэмную лякарню, якая знаходзіцца там жа, дзе і ізалятар, на вуліцы Валадарскага ў Менску .
На днях адміністрацыя заявіла, што Бандарэнка павінен альбо ехаць у калонію, альбо класціся на аперацыю. У кансультацыі нейрахірурга яму адмоўлена.
Дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі, які ўзяў шэфства над палітвязнем, адправіў другі ліст начальніку СІЗА МУС.
У лісце Марэка Мігальскага гаворыцца, што «Зміцера Бандарэнку паставілі перад цяжкім выбарам. Стан здароўя Зміцера Бандарэнкі вельмі сур'ёзны, дрэнна праведзеная аперацыя можа прывесці да інваліднасці».
Мігальскі звярнуўся да начальніка СІЗА МУС з заклікам забяспечыць неадкладную кансультацыю Зміцеру Бандарэнку незалежнымі нейрахірургамі. Ён таксама адзначыў, што такое абыходжанне са зняволенымі з'яўляецца яркай праявай парушэння правоў чалавека і што належная медыцынская дапамога з'яўляецца адным з найбольш фундаментальных правоў, гарантаваных Канвенцыяй па абароне правоў чалавека, ратыфікаванай беларускімі ўладамі.