Андрэя Саннікава пакідаюць у турме
- 15.07.2011, 14:11
Касацыйная скарга кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава адхіленая Менскім гарадскім судом.
У задавальненні касацыйных скаргаў таксама адмоўлена Уладзіміру Яроменку, Іллі Васілевічу, Фёдару Мірзаянаву і Алегу Гнедчыку, якія праходзілі з Андрэем Саннікавым па адной крымінальнай справе.
Суддзі - Сяргей Хрыпач, Вікторыя Зайцава, Вольга Камароўская. Пракурор - Антон Загароўскі.
Адвакатка Саннікава Марына Кавалеўская раней заявіла, што ейны падабаронны «падаў заяву аб удзеле ў разглядзе касацыйнай скаргі». Аднак на разглядзе касацыі ў Менгарсудзе кандыдат у прэзідэнты Беларусі не прысутнічаў. Не было ў зале пасяджэнняў і астатніх фігурантаў гэтай крымінальнай справы.
Акрамя таго, абарона папрасіла далучыць да справы справаздачу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ аб ходзе выбараў прэзідэнта Беларусі, у якой утрымліваецца адзнака выбараў, якая супярэчыць заключэнню суду, дадзеным 14 мая. Суддзі параіліся і далучылі да справы справаздачу БДІПЧ АБСЕ.
14 мая суд Партызанскага раёна Менска пад старшынствам суддзі Наталлі Чацвяртковай прызнаў Саннікава вінаватым па артыкуле 293 частка 1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў) і прысудзіў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Алег Гнедчык прысуджаны да чатырох гадоў узмоцненага рэжыму, Уладзімір Яроменак, Ілля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў - да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Нагадаем, што Андрэй Саннікаў змог перадаць з СІЗА МУС, дзе ён змяшчаецца, палітычную заяву, у якой запатрабаваў правядзення другога тура прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным кантролем.
Палітык заявіў, што не складае з сябе паўнамоцтваў кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.