BE RU EN

На беларускім радыё забаранілі Цоя

  • 18.07.2011, 15:57

Адміністрацыя Беларускага радыё распрацавала для супрацоўнікаў спіс песень і словаў, якія не павінныя трапляць у эфір.

«Перш за ўсё, гэта «Перемен» Віктара Цоя, - паведаміла тэлеканалу «Белсат» супрацоўніца Першага канала Беларускага радыё. - Апошні месяц вельмі шмат людзей замаўлялі яе - раней такога не было. І яшчэ песні «Ляпіса Трубяцкога» - «Грай» і «Belarus freedom».

Суразмоўніца адзначае, што гэтыя кампазіцыі далучылі да ранейшых забароненых гуртоў «NRM», «Крамбамбуля», «Крама» і іншых. «У нас у эфіры здарылася сітуацыя, калі слухач настойваў, каб ўключылі «Перемен». Вядоўца папрасіў прабачэння і адмовіў. Тады слухач запытаўся: «У вас пачалася цэнзура?» Вядоўца не ведаў, што яму адказаць, таму проста выключыў чалавека з эфіру».

Акрамя таго, на працоўным стале кожнага радыёвядоўцы цяпер вісіць раздрукоўка забароненых для вымаўлення ў эфіры словаў. «Пасля выпадку з ШОСам Аляксандрам Рыгоравічам на «Русском радио» дырэкцыя сабрала нараду, дзе нам патлумачылі, што прамаўляць у эфіры «ШОС» альбо проста «Аляксандр Рыгоравіч» забараняецца. Зараз ўсе паведамленні ад слухачоў некалькі разоў перачытваюць, перад тым, як пусціць у эфір», - паведаміла супрацоўніца.

Каардынатар праекту «Тузін гітоў» Сяргей Будкін кажа, што такому рашэнню кіраўніцтва радыё немагчыма адшукаць лагічнае тлумачэнне. «Я перакананы, што гэтая забарона стане дадатковай рэкламай для музыкаў. Так ужо было раней. І беларускім музыкам толькі на карысць ішоў імідж забароненых спевакоў - тады да іх большы інтарэс з боку слухачоў». Што тычыцца забароненай песні Цоя, то эксперт лічыць, што яна сапраўды можа стаць гімнам пераменаў у Беларусі. «Яна цяпер вельмі часта гучыць з аўтамабіляў. Цікава, што ў савецкія часы яе таксама спрабавалі забараніць. Але праз столькі гадоў яна застаецца актуальнай», - лічыць Будкін.

Апошнія навіны