BE RU EN

Уведзеная ў эксплуатацыю стартавая пляцоўка будучай АЭС

  • 19.07.2011, 15:37

Уведзеная ў эксплуатацыю першая чарга вытворчай базы будучай беларускай АЭС.

Пра гэта 19 ліпеня паведаміў галоўны інжынер дзяржустановы «Дырэкцыя будаўніцтва АЭС» Анатоль Бондар. «Гэта так званая стартавая пляцоўка разам з адміністрацыйна-бытавым корпусам для першых падрадчыкаў-будаўнікоў, якія будуць працаваць на гэтай базе», - растлумачыў ён.

Па словах Бондара, вытворчая база ствараецца з мэтай забяспечыць працы па будаўніцтву станцыі. На Астравецкай пляцоўцы таксама вядзецца дапрацоўка так званай піянернай базы. Гэта прыёмка абсталявання, матэрыялаў, забеспячэнне выканання прац па будаўніцтве жыллёвага фонду і жыллёвай інфраструктуры ў гарадскім пасёлку Астравец, паведаміў спецыяліст. Уся гэтая аб'яднаная вытворчая база знаходзіцца недалёка ад чыгуначнай станцыі Гудагай.

Як паведаміў першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віталь Кулік, тыдзень таму Міністэрства энергетыкі зацвердзіла абгрунтаванне інвестыцый у будаўніцтва АЭС. Складовай часткай гэтага дакумента з'яўляецца справаздача аб адзнацы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучай АЭС, піша БелаПАН.

Наступная стадыя пасля абгрунтавання інвестыцый у будаўніцтва АЭС - распрацоўка архітэктурнага праекта. Пасля зацвярджэння праекта пляцоўка для будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне стане працоўнай.

Апошнія навіны