На мяжы затрыманы Станіслаў Шушкевіч
- 2.07.2011, 21:06
(абноўлена) Увечары 2 ліпеня на літоўска-беларускай мяжы затрымалі першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча.
Станіслаў Станіслававіч вяртаўся на цягніку з Вільні, дзе прымаў удзел у Форуме Супольнасці дэмакратый.
Як паведамляюць відавочцы, у цягніку таксама праводзіліся масавыя затрыманні студэнтаў ЕГУ. Затрымана каля 20 чалавек. Ва ўсіх затрыманых, у тым ліку Станіслава Шушкевіча, забралі пашпарты. Тым часам, пакуль доўжылася праверка, цягнік на Менск паехаў.
Палітыка адпусцілі толькі праз чатыры гадзіны пасля затрымання на беларуска-літоўскай мяжы. Яму вярнулі пашпарт, аднак дакументаў аб затрыманні не далі. Беларускім памежнікам прыйшлося набыць Шушкевічу квіток да сталіцы, бо ягоныя квіток і грошы засталіся ў памочніцы, якую з цягніка Вільня-Менск не знялі.
У Вільні Шушкевіч сустракаўся з дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан, кіраўнікамі МЗС шэрагу краін Еўразвяза.
Шушкевіч назваў сваё затрыманне на мяжы незаконным і звязаў яго з парадам і магчымымі акцыямі пратэсту 3 ліпеня.
Варта адзначыць, што ў Літве поўным юрыдычным імунітэтам карыстаюцца ўсе дэпутаты аднаўленчага Сейма, які прыняў рашэнне аб выхадзе з СССР. Так дзяржава аддзячыла ім за іхнюю смеласць і гістарычную ролю. Як бачым, у Беларусі ў кіраўніка Першага парламента Шушкевіча не толькі забралі пенсію, але нават робяць яго аб'ектам палітычна матываваных працэдур на мяжы.